ЗАКОНЧАНАЯ ІНТЭРПРЭТАЦЫЯ СУЧАСНАЙ ЛІНГВАПАРАДЫГМАЛЬНАЙ ПРАСТОРЫ (рэцэнзія)*
Імя Анатоля Панасавіча Загнітка, доктара філалагічных навук, прафесара, добра вядома не толькі ва Украіне, але і далёка за яе межамі. За значны ўнёсак у развіццё айчыннай філалагічнай думкі ў 2012 годзе ён быў абраны членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Украіны, што з’яўляецца амаль выключэннем для супрацоўнікаў універсітэтаў, не звязаных працоўнай дзейнасцю з акадэмічнымі інстытутамі. У 2013 годзе за выдатныя дасягненні па тэорыі граматыкі Анатолю Панасавічу прысуджана прэмія імя Аляксандра Патабні Нацыянальнай акадэміі навук Украіны, а ў 2014 годзе – Усеўкраінская прэмія імя Барыса Грынчанкі «за важкі ўнёсак у развіццё незалежнай Украіны, зацвярджэнне дзяржаўнасці ўкраінскай мовы, развіццё нацыянальнай культуры, адраджэнне гістарычнай памяці, фармаванне нацыянальнай свядомасці і павышэнне духоўнасці ўкраінскага народа, асветніцкую і падзвіжніцкую дзейнасць у імя Украіны».
Уражвае абсяг навуковых зацікаўленняў А. П. Загнітка – ад класічных пытанняў тэарэтычнай і практычнай граматыкі да даследавання прынцыпаў укладання і ўдасканалення сістэмы электронных лінгвістычных слоўнікаў, разгляду праблем сацыялінгвістыкі, псіхалінгвістыкі, лінгвістычнай тэрмінаграфікі.
Працам вучонага ўласцівы актуальнасць, глыбіня аналізу, а таксама аргументаванасць і грунтоўнасць высноў, вызначэнне перспектыў даследавання тых або іншых пытанняў.
Асаблівую ўвагу даследчык надае праблемам граматычнага ладу славянскіх і германскіх моў, філасофіі мовы, лінгвакультуралогіі, лінгвістычнай прагматыкі, дыскурсалогіі, тэкставай лінгвістыкі і лінгвістыкі тэксту, а таксама пытанням гісторыі ўкраінскага мовазнаўства, унутрымоўнай транспазіцыі і інш.
Анатоль Панасавіч – аўтар 18 манаграфій, больш як 40 падручнікаў і навучальных дапаможнікаў, 10 слоўнікаў. Працы лінгвіста шырока друкуюцца не толькі на яго Бацькаўшчыне, а і за яе межамі (у Польшчы, Чэхіі, Расіі, Сербіі, Балгарыі і інш.). Для чытання фундаментальных і спецыяльных курсаў яго запрашалі шэраг універсітэтаў Украіны, аўтарытэтныя навучальныя ўстановы Польшчы (Вроцлаўскі, Пазнанскі і Ягелонскі ўніверсітэты), Сербіі (Бялградскі ўніверсітэт), Расіі (Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя М. В. Ламаносава), Чэхіі (універсітэт імя Масарыка (г. Брно)) і інш.
У 2014 годзе пабачылі свет яшчэ тры важкія працы А. П. Загнітка – «Теорія граматики і тексту: монографія» (Донецьк, 2014), «Подих рідного слова: монографія» (Донецьк, 2014), «Сучасна лінгвістика: погляди та оцінки: науково-аналітичне видання» (Донецьк, 2014).
Асобна варта спыніцца на арыгінальным даследаванні «Сучасна лінгвістика: погляди та оцінки: науково-аналітичне видання» (Донецьк, 2014). З’яўленне гэтай кнігі шмат у чым абумоўлена асаблівасцямі сучаснай навукі, паколькі лінгвістыка характарызуецца багатаўзроўневасцю і рознааспектуальнасцю даследаванняў. Такім чынам, з’яўленне такой працы – вымога часу і навуковага прагрэсу, калі неабходна не толькі ствараць корпус новых навуковых тэкстаў, а і сістэматызаваць тыя, што ўжо напісаны па найразнастайных пытаннях мовы і маўлення, дзеля «навядзення ладу» ў лінгвістычных набытках і, што самае галоўнае, інвертарызацыі асноўных тэарэтычных і практычных прынцыпаў сучаснага мовазнаўства.
Асаблівасць гэтай працы заключаецца ў тым, што ў ёй сабраны матэрыял даследаванняў з розных галін сучаснай лінгвістыкі: дадзены іх паслядоўны аналіз, вызначаны аспекты разгляду, функцыйныя дамінанты, ахарактарызаваны тэарэтычна-метадалагічныя і канцэптуальныя прынцыпы пэўнай гіпотэзы. У кнізе прасочаны сувязі даследаванняў пэўнага аўтара з іншымі яго працамі, вызначана развіццё зацікаўленняў навукоўца, што дазваляе адэкватна акрэсліць месца і каштоўнасць разгляданых прац у адносінах да агульнага кантэксту распрацоўкі асноўных праблем той або іншай галіны мовазнаўства.
Анатоль Панасавіч не толькі прапануе закончаную аналітычную ацэнку навуковых здабыткаў сучасных лінгвістаў, а і выказвае асабісты погляд на аналізаваныя з’явы і праблемы, уступае ў дыскусію, уводзячы для гэтага шырокі тэарэтычна-метадалагічны, прыкладны і факталагічны матэрыял.
У аналізаванай працы разгледжаны даследаванні з камунікацыйнай, кагнітыўнай, функцыйнай, ідэаграфічнай, прагматычнай лінгвістыкі, а таксама ўдзелена ўвага пытанням развіцця псіхалінгвістыкі, сацыялінгвістыкі і камп’ютарнай лінгвістыкі, прапанаваны ўласны погляд на іерархію камунікацыйных жанраў, іхнія суадносіны / несуадносіны з маўленчымі жанрамі, выяўлена парадыгмальная прастора маўленчых актаў з акрэсленнем іх функцыйнага статусу, структуры. Асабліва важкім з’яўляецца даследаванне складнікаў тэорыі маўленчых актаў, устанаўленне кірункаў рэалізацыі імплікатур камунікацыі.
Грунтоўна ў рэцэнзаваным навукова-аналітычным выданні прааналізаваны даследаванні па праблемах граматыкі (Дубова О. А. Типологічна еволюція морфологічних систем української та російської мов. – К. : Вид. центр КНЛУ, 2002. – 302 с. (с. 75–83) і інш.); лінгвістыкі тэксту і тэксталогіі (Семенець О. О. Синергетика поетичного слова. – Кіровоград : Імекс ЛТД, 2004. – 338 с. (с. 83–94) і інш.); па актуальных пытаннях сучаснай лінгвістыкі з вызначэннем асноўных кампанентаў навуковых лінгвапарадыгмаў (Селіванова О. О. Сучасна лінгвістика: напрями та проблеми : підручник. – Полтава: Довкілля-К, 2008. – 712 с. (с. 202–223) і інш.), лінгвістычнай прагматыкі (раздзел «Найноўшыя вымярэнні лінгвістычнай прагматыкі» / «Новітні виміри лінгвістичної прагматики» (Рэцэнзія на манаграфію: Бацевич Ф. С. Нариси з лінгвістичної прагматики: монографія. – Львів : ПАЇС, 2010. – 336 с. (с. 326–338)) і да т. п.
Значная ўвага ўдзелена пытанням тэарэтычнай марфалогіі, класіфікацыі яе катэгорый і адзінак, выяўленню заканамернасцяў суадносінаў / несуадносінаў першасных і другасных функцый марфалагічных формаў. Гл. раздзелы: «Новы погляд на марфалагічны сінтэтызм і аналітызм у кантрастыўным аспекце» / «Новий погляд на морфологічний синтетизм й аналітизм у контрастивному аспекті» (Дубова О. А. Типологічна еволюція морфологічних систем української та російської мов. – К. : Вид. центр КНЛУ, 2002. – 302 с. (с. 75–83); «Марфалагічныя з’явы і марфалагічныя праблемы» / «Морфологічні явища і морфологічні проблеми» (Горпинич В. О. Морфологія української мови : підруч. для студ. вищ. навч. закл. – К. : ВЦ «Академія», 2004. – 336 с. (с. 100−109); «Канцэптуальнасць суадносінаў граматычных катэгорый» / «Концептуальність співвідношення граматичних категорій» (Крысько В. Б. Исторический синтаксис русского языка. Объект и переходность. – М. : Индрик, 1997. – 424 с. (с. 17–23) і да т. п.
Дакладна разгледжаны такія пытанні, як аспекты тэарэтычна-дастасоўнага сінтаксісу (раздзел «Канцэптуальныя вымярэнні тэарэтычна-дастасоўнага сінтаксісу» / «Концептуальні виміри теоретико-прикладного синтаксису» (Шульжук К. Ф. Синтаксис української мови : підручник. – К. : Вид. центр «Академія», 2004. – 406 с. (с. 63–67)), спецыфіка складаных сказаў розных тыпаў (раздзел «Кантамінаванасць у межах складаназалежнага сказа» / «Контамінованість у межах складнопідрядного речення» (Дяговец И. И. Русские придаточные предложения нетипичного построения (синтаксические единицы с «отклоняющейся» структурой). – Донецк : ООО «Юго-Восток, Лтд», 2003. – 227 с. (с. 67–70)); раздзел «Праблемы камунікацыйна-прагматычнага апісання складанага сказа» / «Проблеми комунікативно-прагматичного опису складного речення» (Абашина В. Н. Вопросы коммуникативно-прагматического описания сложного предложения в русском языке: аспект актуального членения. – Львов : Издат. центр ЛНУ им. И. Франко, 2006. – 344 с.) (с. 169–175)).
Заслугоўвае ўвагі выяўленне ў манаграфіі сучасных тэндэнцый сацыялінгвістыкі. Гл., напрыклад, раздзелы «Сацыялінгвістыка ў сучаснай моўнай прасторы» / «Соціолінгвістика у сучасному мовному просторі» (Рэцэнзія на кнігі: Мацюк Г. П. До витоків соціолінгвістики: Соціологічний напрям у мовознавстві : монографія. – Львів : Вид. центр ЛНУ ім. І. Франка, 2008. – 432 с. ; Мацюк Г. П. Прикладна соціолінгвістика. Питання мовної політики : навч. посіб. – Львів : Вид. центр ЛНУ ім. І. Франка, 2008. – 212 с. (с. 363–368); «Моўная асоба ў сучасных камунікацыйных даследаваннях» / «Мовна особистість у сучасних комунікативних дослідженнях» (Космеда Т. А. Ego і Alter Ego Тараса Шевченка в комунікативному просторі щоденникового дискурсу : монографія. – Дрогобич : Коло, 2012. – 372 с.) (с. 404−413)).
Значнае месца ў аналізаваным навукова-аналітычным выданні займае разгляд выказвання, выяўленне асаблівасцяў яго будовы і суадносінаў з маўленчымі актамі, іх структураю (раздзел «Новыя і найноўшыя погляды на выказванне ў славянскіх мовах» / «Нові та новітні погляди на висловлення у слов’янських мовах» (Wyraz i zdanie w językach słowiańskich. Opis, konfrontacja, przekład 5 / рod red. Michała Sarnowskiego i Włodzimierza Wysoczańskiego. – CXXXІII. – Wrocław : Wyd-wo Uniwersytetu Wrocławskiego, 2005. – 460 s.; Wyraz i zdanie w językach słowiańskich. Opis, konfrontacja, przeklad 6 / pod red. Michała Sarnowskiego i Włodzimierza Wysoczańskiego. – CXLVII. – Wrocław : Wyd-wo Uniwersytetu Wrocławskiego, 2008. – 590 s.) (с. 245–275)).
Не менш важным з’яўляецца разгляд у аналізаваным навукова-аналітычным выданні аўтарытэтных прац па праблемах тэорыі і гісторыі мовазнаўства (раздзел «Нарысы па гісторыі мовазнаўства» / «Нариси з історії мовознавства» (Рагаўцоў В. І. Гісторыя мовазнаўства: вучэб. дапам. – Магілёў : МДУ імя А. А. Куляшова, 2005. – 496 с.) (с. 158–169)); а таксама даследаванне актуальных пытанняў культуры мовы і стылістыкі, ступені распрацаванасці пэўных пытанняў у сучасным славянскім мовазнаўстве (раздзел «Увесь абсяг мовазнаўчай актуальнасці» / «Увесь обшир мовознавчої актуальності» (Rozprawy Komisji Językowej XXXIII / red. W. Wysoczański. – Wrocław : Wrocławskie Towarzystwo Naukowe, 2006. – 306 s.) (с. 142–148)).
Прываблівае таксама даследаванне асабліва знакавых пытанняў сучаснага мовазнаўства – кагнітывістыкі і дыскурсівістыкі (раздзел «Кагнітывістыка і дыскурсівістыка: новыя аспекты і новыя падыходы» / «Когнітивістика і дискурсивістика: нові аспекти і нові підходи» (Поповиħ Људмила. Епистоларни дискурс украjинског и српског jезика. – Београд : Филолошки факултет, 2000. – 305 с.; Поповиħ Људмила. Језичка слика стварности: Когнитивни аспект. Контрастивне анализе. – Београд : Филолошки факултет, 2008. – 308 с.) (с. 275–284)), заканамернасцяў праяўлення пераходнасці ў дачыненні да граматычнай катэгорыі валентнасці (раздзел «Дзеяслоўная пераходнасць у кантрастыўным аспекце» / «Дієслівна перехідність у контрастивному аспекті» (Ивановић Милена. Прелазност у украјинском језику: функционални аспект / Милена Ивановић. – Београд : Задужбина Адрејевић, 2007 (Београд : Тодра плюс). – 120 с.; граф. Прикази; 24 см. – (Посебна издања / [Задужбина Адрејевић]) (с. 285–301)).
Выданне такога тыпу дае падставы гаварыць пра грунтоўную дасведчанасць А. П. Загнітка ў складаных, дыскусійных пытаннях мовазнаўства, пра што пераканаўча сведчаць прарэцэнзаваныя ім лінгвістычныя даследаванні.
У навукова-аналітычным выданні ўлічаны працы не толькі з украіністыкі, а і русістыкі, славістыкі, а таксама даследаванні надзвычай актуальных пытанняў сэнсавага поля тэксту, выяўлены кірункі моўна-вобразнага пераасэнсавання ў кантэксце мастацкага твору, а таксама вызначана «жыццёвасць» створаных пісьменнікам метафар, метанімій, іншых аказіянальных утварэнняў (раздзел «Моўнае жыццё паэтычнага слова» / «Мовна життєвість поетичного слова» (Ставицька Леся. Естетика слова в українській поезії 10−30 рр. ХХ ст. – К. : Правда Ярославичів, 2000. – 154 с.) (с. 11–16)).
Каштоўнасць рэцэнзаванай кнігі заключаецца яшчэ і ў тым, што яна дае мажлівасць сістэматызаваць і сфармаваць цэласнае ўяўленне пра сучасны навукова-мовазнаўчы працэс з улікам усіх парадыгмаў функцыянавання і даледавання лінгвістычных ведаў.
Варта нагадаць, што манаграфія мае дачыненне да найактуальных і найвострых пытанняў сучаснай лінгвістыкі. У гэтым навукова-аналітычным выданні разгледжаны пытанні розных галін лінгвістыкі (як традыцыйных, так і параўнаўча новых), што значна павышае навуковую каштоўнасць гэтай працы і пашырае абсяг даследчыкаў, для якіх яна можа быць цікаваю і карыснаю. Якая б праблема не была пастаўлена ў цэнтры лінгвістычнага даследавання, Анатоль Панасавіч заўсёды разглядае яе ўсебакова, дэталёва і аб’ектыўна. Як глыбока дасведчаны ў найноўшых тэнцэнцыях лінгвістычнай навукі, ён заўсёды нестандартна і па-новаму аналізуе ўжо дастаткова вывучаную, здавалася б, праблему.
Няма сумніву, што рэцэнзаваная кніга, якая ахоплівае шырокі абсяг прааналізаваных праблем і характарызуецца кампетэнтным навукова-аналітычным разглядам прац, будзе карыснай для настаўнікаў-славеснікаў, студэнтаў, магістрантаў – усіх, хто цікавіцца функцыянаваннем і развіццём лінгвістычнай навукі.
© Рагаўцоў В., 2015
* Рэцэнзія на кнігу: Загнітко А. П. Сучасна лінгвістика: погляди та оцінки: [науково-аналітичне видання] / А. П. Загнітко. – Донецьк : Ноулідж (Донецьке відділення), 2014. – 464 с.